Калі вы не чыталі наш матэрыял пра тое, чаму і як важна прасіць у дзяцей прабачэння і прызнаваць памылкі, раім спачатку азнаёміцца з ім, а пазней вярнуцца да гэтага артыкула.
Калі ж прызнанне памылак і выбачэнне за іх для вас зразумелая практыка, давайце разгледзім сцэнар, калі мы парушаем дамоўленасць або абяцанне, што далі дзецям.
Фраза «А можа, так і трэба» — прыклад дэструктыўнага падыходу да сітуацыі
Бо дзеці могуць:
- пачаць менш давяраць вашым словам;
- парушаць абяцанні са свайго боку, пабачыўшы, што так можна;
- звыкнуцца да падманаў у свой бок і не абараняць сябе ад нядобразычліўцаў у будучыні.
Што рабіць?
Уявім, што тата паабяцаў дачцэ: «У наступную суботу ўсёй сям’ёй пойдзем у аквапарк». Дачка вельмі чакала гэтую суботу. Але напярэдадні на працы таты здарыўся форс-мажор, і ён быў вымушаны правесці выходныя за бізнесовымі справамі.
Што можа зрабіць тата, каб праявіць павагу да пачуццяў дачкі?
- Перш за ўсё, выбачыцца, прызнаючы яе эмоцыі.
- І прапанаваць разумную кампенсацыю.
Кампенсацыя мусіць:
Адпавядаць характару страты.
Калі дачка страціла дзень у цікавым для сябе месцы з сям’ёй, недарэчна ўручаць ёй у адказ торт або кішэнныя грошы. Справядліва будзе прапанаваць выбраць пажаданую актыўнасць і новы вольны дзень, каб зноў запланаваць сямейны паход.
Адпавядаць маштабу страты.
Абяцанне паляцець у парыжскі «Дыснэйлэнд» можа быць завялікім, а ражок марозіва — замалым.
Адпавядаць вашым магчымасцям.
Не варта абяцаць тое, што вы можаце выканаць толькі моцна ахвяруючы сваімі сіламі і інтарэсамі.
Рэкамендацыя
Шукайце ўзаемна прыемны кансэнсус з дзецьмі праз перамовы. Галоўнае — абараніць каштоўнасць дзіцяці, якая пацярпела ад вашай памылкі, і паказаць, што вы паважаеце вашы дамоўленасці.