Рабіць памылкі — нармальна. Нават самыя клапатлівыя бацькі часам паводзяць сябе рэзка, крычаць ці зрываюцца, асабліва на стомленасці ці стрэсе. Гэта чалавечна. Але ў бацькоўстве асабліва важна тое, што мы робім пасля.
Калі мы прызнаём памылку і выбачаемся, мы вучым гэтаму і дзіця. Калі не — таксама вучым, толькі іншаму: маўчаць, цярпець, не давяраць.
Што адбываецца, калі мы не выбачаемся
У многіх з нас ёсць постсавецкі досвед выхавання, дзе дарослыя «заўсёды маюць рацыю», а дзіця павінна «паважаць старэйшых» нават тады, калі яны несправядліва крыўдзяць ці не заўважаюць важнага. У такіх сем'ях дарослыя часта баяцца прызнаваць памылкі, бо лічаць, што гэта падрывае аўтарытэт.
Але на самай справе адсутнасць выбачэнняў:
- падрывае давер;
- выпрацоўвае ў дзяцей звычку цярпець чужую агрэсію;
- змяншае здольнасць адчуваць і адстойваць асабістыя межы;
- забівае шчырасць і блізкасць у адносінах.
Выбачэнні — гэта не слабасць. Гэта адна з самых моцных формаў адказнасці і паказчык сапраўднага аўтарытэту.
Як выбачацца — не фармальна, а шчыра
Вось 5 момантаў, на якія варта звярнуць увагу:
Прызнайце пачуцці дзяцей.
«Прашу прабачэння, што я накрычаў на цябе праз разліты суп. Разумею, што ты можаш быць пакрыўджаная і напалоханая».
Вазьміце на сябе адказнасць, выбачыўшыся за свае дзеянні, а не спасылаючыся на памылкі дзяцей.
«Я моцна выбухнуў, хаця мог наліць суп у больш устойлівую міску, каб табе было прасцей есці».
Дайце тлумачэнне (калі дарэчна), але без спроб апраўдацца.
«Я досыць раздражнёны, бо стаміўся на працы, але гэта не мусіла стаць нагодай крычаць на цябе».
Паабяцайце выправіцца (і рэальна старайцеся выканаць абяцанне).
«Наступны раз я першай справай зраблю глыбокі ўдых замест таго, каб зрывацца».
Будзьце шчырыя.
Выбачайцеся, калі сапраўды прызнаяце сваю вінаватасць, ды не спрабуйце дадаваць агаворак накшталт «Я вінаваты, але ты сама…».
Выбачэнні не робяць нас «менш дарослымі». Яны нас робяць жывымі людзьмі, з якімі можна мець зносіны. А яшчэ вучаць дзіця павазе, шчырасці і веры, што блізкія чуюць і разумеюць.