«Я шчаслівы чалавек, які зарабляе на самай любімай справе». Гросмайстар натхняльна расказвае, чаму ўсім дзецям варта паспрабаваць шахматы

Валерый Казакоўскі — шахматыст родам з Беларусі. Пачаў займацца з сямі гадоў, стаў чэмпіёнам свету да 18 гадоў, прадстаўляючы Беларусь, а яшчэ праз два гады пачаў гуляць за зборную Літвы. Маючы разнастайныя інтарэсы і магістарскую ступень у галіне публічнай палітыкі, Валерый абраў шахматы як галоўную дзейнасць жыцця і шчаслівы ад свайго выбару.

Чым настолькі прывабная гэтая гульня і чаму, на думку гросмайстра, кожнаму дзіцяці варта хаця б паспрабаваць пасябраваць з ёй, — чытайце ў развагах Валерыя.

Шлях у 18 гадоў

Упершыню я пабачыў шахматы, здаецца, у шэсць гадоў, калі ішла трансляцыя Чэмпіяната Беларусі па тэлевізары. Я зацікавіўся, што гэта за гульня, і неўзабаве на мой сёмы дзень нараджэння бацькі падарылі мне першую дошку з фігурамі.

У верасні таго ж года яны прывялі мяне на заняткі ў РЦАП [Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі ў Мінску]. Мяне ўразіла, што там была вельмі вялікая група дзяцей — цэлае памяшканне, каля 40 чалавек. І першай справай нас вучылі хадзіць каралём і пешкамі. Пакідаючы па каралі і восем пешак з кожнага боку на дошках, мы гулялі паміж сабой «партыі».

Я сапраўды захапіўся гэтай гульнёй і «праглынаў» кнігу за кнігай па шахматах, што куплялі бацькі. Інтэрнэту ў тыя часы мы дома не мелі, таму палявалі на кнігі, якіх было шмат, але ўсё роўна не дастаткова. Па-добраму зайздрошчу дзецям, якія пачынаюць займацца цяпер: у іх проста неабмежаваныя магчымасці для навучання!

Праз некалькі месяцаў пачаліся першыя турніры і першыя паразы — як ні дзіўна, яны матывавалі мяне яшчэ больш працягваць займацца і паляпшаць свае навыкі. 

Не буду хаваць, што былі і расчараванні — напрыклад, калі лавіў чарговае плато і доўгі час не мог прасунуцца ў рэйтынгу. Я пару разоў задумваўся пра тое, каб закінуць шахматы, моцна захапляўся нейкімі камп’ютарнымі гульнямі з сябрамі. Але досыць хутка вяртаўся: шахматы мяне і ў дзіцячыя гады, і цяпер захапляюць бясконцай прасторай для творчасці і неабсяжнасцю магчымасцяў выбару. Вы толькі падумайце: сцэнароў развіцця падзей на 64 палях больш, чым атамаў у Сусвеце! Гэта ж нейкая магія! Так, я шчаслівы чалавек, які зарабляе на самай любімай справе.

Як выглядае жыццё прафесійнага шахматыста?

Шмат паездак і пералётаў — звычайна 3-4 вандроўкі на месяц. У дні, якія на паездкі не прыпадаюць, я займаюся шахматамі сам і трэнірую вучняў ды вучаніц (адна з іх нядаўна ўзяла срэбра дзявочым на Чэмпіянаце свету), рыхтую курсы для навучальных платформаў або разглядаю турніры на будучыню.

Канешне, маё існаванне не складаецца толькі з працы — хаця калі праца супадае з найвялікшай зацікаўленасцю жыцця, то і адпачываць ад яе не заўсёды адчуваецца неабходнасць. Але я стараюся разбаўляць графік: сустракаюся з сябрамі, хаджу з партнёркай на танцы, вучу літоўскую мову, чытаю шмат кніг, гляджу курсы па эканоміцы, Формулу-1 або серыялы на «Нэтфліксе».

Мая дзяўчына кажа, што маё жыццё ідэальнае [смяецца]. Яна працавала на добрых пасадах у неблагіх офісах, але адзначае, што мець свабоду і гнуткі графік, займаючыся ўлюбёнай справай, — прывілея шчаслівых людзей. Таксама яна была ўражаная, на якім узроўні праходзяць турніры, у якіх добрых гатэлях жывуць гульцы. Яна сама займалася ў дзяцінстве шахматамі ў Беларусі і захавала ўспаміны пра няпростыя ўмовы аршанскай турбазы, таму ўражанне ад першай паездкі са мной на турнір у Эстоніі было моцнае!

Можа падацца, што я спрабую хваліцца, але мэта ў іншым: хачу зламаць стэрэатып пра непераможную беднасць усіх шахматыстаў і дадаць смеласці бацькам падтрымліваць іх дзяцей у зацікаўленасці шахматамі, не баючыся за іх «жабрацкую» будучыню. Вядома, у прафесійных гульнях таксама нямала стрэсу, прысутнічае нестабільнасць і непрадказальнасць, але ж так у любой гульні! Гульні не былі б настолькі цікавымі, калі б ім была ўласцівая прадказальнасць і аднароднасць. Але заахвочваю спрабаваць, калі ёсць жаданне. Саскочыць заўсёды будзе магчымасць.

Усім дзецям хаця б аднойчы варта паспрабаваць

На маю думку, у сучасным свеце проста нельга прапускаць магчымасць паспрабаваць шахматы хаця б раз у жыцці!

Па-першае, гэта вельмі лёгка: не трэба шукаць адмысловае абсталяванне, як у большасці відаў спорту. Можна нават абмежавацца гульнёй без дошкі — на платформах кшталту Chess.com ці Lichess. Хаця я ўсё ж рэкамендую для пачатку спрабаваць афлайн-шахматы, калі ёсць такая магчымасць.

Па-другое, гэта занадта эфектыўная гімнастыка для розуму, каб ёй грэбаваць. Шахматы развіваюць памяць, крэатыў, навык прыняцця рашэнняў, канцэнтрацыю ўвагі ды ўседлівасць, што асабліва актуальна для дзяцей у эпоху «ТыкТока». І каб карыстацца гэтымі перавагамі, не абавязкова займацца прафесійна, — можна гуляць на любым узроўні.

Урэшце, гэта па-здароваму модна. Апошнім часам сустракаю ўсё больш гісторый пра тое, што нават вядомыя футбалісты ды іншыя зоркі сусветнага спорту ўсё часцей звяртаюцца да гульні ў шахматы. Можна зрабіць выснову, што гэты занятак нясе каштоўнасць нават тым людзям, у якіх і так усё добра з дысцыплінай і канцэнтрацыяй.

У дзесяць гадоў зразумеў: «Я не стану чэмпіёнам свету»

Я нават не ведаю, з чаго мне прыйшла гэтая думка, але ў 10-гадовым узросце я выразна сабе ўсвядоміў, што не стану чэмпіёнам свету. Аднак гэта мяне не дэматывавала — я разумеў, што ўсё адно маю шансы стаць паспяховым гульцом, напрыклад, увайсці ў топ-100 свету. І такая перспектыва мяне натхняла і натхняе дагэтуль.

Канешне, я крыху пасмяяўся ў свае 17, калі выйграў Чэмпіянат свету, бо сам сябе падлавіў на заўчасным прызнанні «паразы»: я ж не ўдакладняў для сябе раней, пра якое чэмпіёнства кажу — будзе гэта класіка, бліц ці рапід, ды якая катэгорыя па ўзросце. Таму, можна сказаць, перакрочыў свае ж ад сябе чаканні. Але нават без такіх вынікаў шахматы можна любіць за сам працэс заняткаў і гульняў — і я шчыра зычу ўсім паспрабаваць і адчуць гэты кайф.

Парады бацькам шахматыстаў(к)

Я надзвычай удзячны сваім бацькам за падтрымку ў маім захапленні, за іх веру ў мяне і за ўсе рэсурсы, што яны выдаткоўвалі на маё развіццё. Яны хваляваліся за мяне падчас кожнай гульні — скажу больш, хвалююцца і цяпер. Колькасць маіх турнірных партый ужо пераваліла за 2500, а мой тата па сёння глядзіць кожную анлайн-трансляцыю, якімі б сваімі справамі паралельна з тым ні займаўся.

Першае, што хочацца сказаць мамам і татам юных шахматыстак і шахматыстаў: дзецям вельмі важная вашая эмацыйная падтрымка. Асабліва пасля параз. Калі маленькі чалавек расчараваны вынікам, але аўтарытэтны дарослы нагадвае, што ён ці яна любімыя і цудоўныя нягледзячы ні на што, што параза — частка працэсу развіцця, што «дачушка, гэтым разам не атрымалася, але ты старалася!», гэта ў рэшце рэшт супакойвае.

Другое: рэгулюйце свае перажыванні за вынік дзіцяці. Так, вядома, мы схільныя хвалявацца за дарагіх людзей і зычыць ім поспеху, але важна не губляць межы і памятаць, што ў любым хобі, тым больш гульнёвым, важна атрымліваць задавальненне ад працэсу, а вынік не заўсёды можа быць прадказальны і пажаданы. Па сваім досведзе памятаю, што стрэсаваў яшчэ дзіцём ад параз нашмат больш, калі бачыў, як моцна перажывалі бацькі.

Пакуль я сам не маю дзяцей, але ўяўляю, што не буду звышмоцна хвалявацца за іх вынікі. Буду проста шчаслівы, калі яны будуць развівацца і гуляць так, як могуць. Агулам дапускаю, што яны наогул могуць не захацець займацца шахматамі. Тады, мяркую, як шахматысту мне будзе крыху сумнавата, але як тата я нават парадуюся. Бо калі мае дзеці самі адчуюць, якія заняткі ім блізкія, а што — не для іх, я ўспрыму гэта як істотную частку жыццёвага поспеху і падтрымаю іх імкненні ў любых напрамках. Заахвочваю да таго ж усіх, хто гадуе дзяцей. І, вядома, зычу ўстойлівасці і моцы.

Вы можаце запісацца на індывідуальную кансультацыю з Валерыем праз Боціка (спатрэбіцца падпіска). З дадатковымі пытаннямі пішыце ў «Тэлеграм» @tlumachme_bot.

У вас ёсць асабісты запыт?

Наш AI-кансультант Боцік можа дапамагчы атрымаць адказ 
на асабістыя пытанні, якія датычацца выхавання і адукацыі дзяцей.