Морган Маруціа — скрыпач з Аўстраліі, які вывучае беларускую мову праз сняданкі, а музыку — праз назіранні і слых. Морган выкладаў у Мадрыдзе, хадзіў па румынскіх вёсках са скрыпкай і цяпер грае беларускую народную музыку ў Вільні ды праводзіць індывідуальныя заняткі з карыстальнікамі адукацыйнага асістэнта Tłumač.
Мы пагаварылі пра Беларусь, мову, творчасць, зносіны і сакрэты эфектыўнага навучання. Прыводзім аповед Моргана ў перакладзе з англійскай.
Доўгая дарога да Вільні
Я — Морган Маруціа, скрыпач і выкладчык з Пэрта, Заходняя Аўстралія. У Еўропе я з 2022 года — прыляцеў у Мадрыд выкладаць англійскую мову. Праз дзевяць месяцаў рушыў у бок Румыніі разам са сваёй скрыпкай: мяне даўно захапляла румынская народная музыка. Я павольна перасоўваўся паміж краінамі і гарадамі — урэшце апынуўся ў паўночнай Румыніі, у Марамурэшы. Хадзіў па вёсках, сустракаў людзей сталага веку, вучыўся традыцыі непасрэдна ад іх ды граў разам з імі. Я трапіў у захапляльнае рэдкае месца, дзе традыцыйная культура дагэтуль жыве ў штодзённасці!
Незадоўга да Румыніі я ўпершыню прыехаў у Літву — проста пабачыць сяброў. І тут зразумеў: я адчуваю сябе даволі камфортна ў гэтай краіне. 5 студзеня мінулага года вярнуўся сюды ўжо на стала. З таго часу я жыву ў Вільні і займаюся пераважна музыкай у Kapela Kotra, якую мы прадстаўляем як беларуска-аўстралійскі фолк-гурт. Людзі часта з гэтага ўсміхаюцца.

Уяўляючы Беларусь
У Аўстраліі пра Беларусь ведаюць вельмі мала. Да нейкага часу я ведаў хіба слова «Мінск». Мінск — вядомы горад. Першы раз, напэўна, я пачуў пра Беларусь на школьных занятках па гісторыі. Я заўсёды цікавіўся гісторыяй, і ва ўніверсітэце гэта была мая спецыялізацыя. Там ужо я больш даведаўся пра гісторыю Рэчы Паспалітай і крыху больш стаў уяўляць Беларусь.
Я дагэтуль яе не бачыў на свае вочы, але ўяўляю роўную мясцовасць з рэдкімі ўзгоркамі, замкамі, якія чакаюць рэстаўрацыі, і Мінск, які выглядае сучасным у параўнанні з рэгіянальнымі гарадамі. Мне траплялася відэа пра Нацыянальную бібліятэку — яна быццам дэкарацыя з фантастычнага фільма.
Што пра людзей, то звычайна стараюся не рабіць лішніх абагульненняў.
Але пакуль амаль усе беларусы ці беларускі, якіх я сустракаў, — надзвычай прыемныя, паважлівыя, добрыя слухачы, якія маюць асабістыя цікавыя гісторыі.
На мой погляд, беларусы падобныя з літоўцамі ў сацыяльным плане: любяць цішыню і часта адчуваюць сябе няёмка, калі да іх звяртаюцца незнаёмцы. Гэта, канешне, мае суб’ектыўныя назіранні.

«Людзі танцуюць, пакуль не дазнаюцца, што гэта беларуская музыка»
Што тычыцца літоўскай і беларускай народнай музыкі, то на павярхоўным узроўні яны надзвычай падобныя. Гэтую частку свету моцна разрэзалі ідэяй нацыянальнай ідэнтычнасці, але народная музыка існавала задоўга да гэтых дэфініцый. І колькі б камусьці ні было некамфортна гэта чуць — гэта праўда.
Наш гурт нават атрымаў крыху хэйту з гэтай прычыны. Мы граем мелодыю — людзям падабаецца, яны танчаць.
А потым мы кажам: дарэчы, гэта быў беларускі твор. І раптам нехта ўжо не хоча, каб мы яго гралі.
І я думаю: але ж вы танцавалі пад яго пяць хвілін таму! Так, бывае, што людзі танцуюць, пакуль не дазнаюцца, што гэта беларуская музыка.
Альбом з «Падушачкай»
.jpg)
Нашмат бліжэй я пазнаёміўся з Беларуссю, калі сустрэўся з Алёнай [Алёна Кандыба — беларуская музыкантка-басэтлістка, партнёрка Моргана]. Тут, у Вільні, нас пазнаёміла агульная сяброўка, якая грае клезмерскую музыку [клезмер — музыка ўсходнееўрапейскіх яўрэяў]. Я прыйшоў з румынскім клезмерскім скрыпічным стылем, Алёна — з беларускім народным. Мы аб’ядналі гэта, і так з’явіўся гурт.
Не магу прамаўчаць пра дасягненне нядаўняга часу: мы запісалі наш першы альбом! Называецца Zialony Haj («Зялёны гай»), і адна з мелодый у ім — стары беларускі танец «Падушачка» — надзвычай мне падабаецца! З 1 сакавіка 2026 года альбом даступны на Spotify, Bandcamp, YouTube, Apple Music ды іншых стрымінгавых платформах.
Такім чынам, можна сказаць, музыка прывяла мяне да Беларусі, а ўжо праз музыку я зацікавіўся культурай і мовай.
«З усіх славянскіх моў беларуская — мая ўлюбёная»
На сёння англійская — асноўная мова, на якой я размаўляю і ў працы, і дома, але стараюся рэгулярна практыкаваць беларускую. Напрыклад, мы з Алёнай дамовіліся як мінімум падчас сняданкаў кожны дзень размаўляць на беларускай. Таму тэма ежы ў маім беларускамоўным лексіконе, бадай, прасунулася больш за астатнія [смяецца].
Я ведаю пакуль некалькі дзясяткаў беларускіх слоў, але кожнае з іх мне падабаецца. Нават звыклае «прывітанне» — такі прыгожы, элегантны шлях павітацца, неўласцівы для большасці іншых славянскіх моў.
Мабыць, часцей за ўсё кажу слова «добра», перадаючы ім розныя сэнсы праз розныя інтанацыі.
Агулам беларуская мова надзвычай эстэтычная! Мяркую, з усіх славянскіх моў беларуская — мая ўлюбёная. Яна нагадвае ўкраінскую, але здаецца больш арнаментальнай — і гэтая «ўзорнасць», плаўнасць, рытмічнасць выразна адчуваюцца ў музыцы.

Пра методыку выкладання
Як мову, так і музыку, я стараюся вывучаць найперш на слых і з жывога кантэксту, а не з паперы. І вучу таксама праз слых — спяваць, слухаць, рэагаваць.
Калі кажуць: «Музыка — гэта мова», — дык чаму мы адразу дастаём ноты? Што такое мова? Мова — гэта мы, якія знаходзімся ў пэўных абставінах, гаворым адно з адным, жэстыкулюем, рэагуем на раздражняльнікі. Усё гэта мова, камунікацыя. На маю думку, музыка мае быць такой жа жывой, а не толькі напісанай на паперы. Таму ў маіх занятках шмат слухання, спеваў, сумеснай імправізацыі.
«Не проста вучыць, а атрымліваць асалоду»
На маё разуменне навучання моцна паўплываў метад Сузукі, распрацаваны японскім скрыпачом Шынічы Сузукі пасля вайны. Ён верыў, што праз музыку можна гадаваць добрых людзей і грамадзян.
Калі я перачытаў філасофію гэтага метаду ўжо дарослым, то нават расчуліўся. Усё было пра развіццё любові да інструмента і музыкі. Не пра ўспрыманне музыкі як прадмета, які трэба вывучыць, — а пра задавальненне і асалоду.
Спачатку — захапленне, потым — тэхніка.
Калі вучань прыходзіць на ўрок і не практыкаваўся цэлы тыдзень, я не ствараю яму адразу інтэнсіў з практыкаванняў. Замест гэтага мы граем нешта вясёлае — каб успомніць, чаму нам падабаецца інструмент.
Навучанне — двухбаковы працэс: важна, каб і адукатару і навучэнцу было цікава і ў асалоду.
Настаўнік жа таксама шмат атрымлівае ад выкладання. Калі, напрыклад, я бачу, як загараюцца вочы чалавека, які ўпершыню грае мелодыю, пра якую марыў, — гэтае адчуванне цяжка перадаць словамі!
Я таксама выкладаю англійскую мову — пераважна ў размоўным фармаце. З часам я стаў менш фармальным: менш падручнікаў, больш жывой размовы. Калі пачынаеш засвойваць мову, не трэба баяцца гаварыць з нуля. Дастаткова ведаць некалькі базавых слоў — і ўжо можна будаваць сказы.
«Проста ідзі»

Страх ці няўпэўненасць у новых справах часта прысутнічаюць, але не мусяць спыняць.
Мая мама пераказвала мне гісторыю, як у дзяцінстве я любіў бегаць па пакоі, у якім уразаўся ў стол, біўся галавой, але ўставаў і працягваў бегаць, таму што наперадзе шмат цікавага. Мне здаецца, я падобным чынам жыву і дагэтуль: часам быццам уразаюся ў сцены і адчуваю «ой, гэта было не вельмі», але ўстаю і іду далей, бо яшчэ шмат што можна пабачыць.
Ёсць нямала людзей, якія даўно жадаюць пачаць вывучаць нешта новае, але баяцца няўдач. На мой погляд, лепш паспрабаваць, нават калі пасля захочацца адмовіцца ад пачатага, чым жыць усё жыццё з думкай «а што калі?».
Маё жыццёвае правіла: «проста ідзі».

Калі вы натхніліся аповедам Моргана і жадаеце запісацца з ім на індывідуальную кансультацыю па музыцы ці англійскай мове, завітвайце да Боціка — ён дапамагае з дамашнімі заданнямі і прапаноўвае цудоўных выкладчыкаў і выкладчыц, з якімі можна навучацца новаму ў задавальненне.




