Кароткі ўрок беларускай лацінкі: правілы і ТЭСТ

Імаверна, вы чулі пра два асноўныя правапісы, на якіх пісаліся беларускамоўныя тэксты, — кірыліцу і лацінку. Першыя беларускія пісьмовыя помнікі, запісаныя кірыліцай, датуюцца 14-м стагоддзем. Лацінка пачала ўжывацца толькі трыма стагоддзямі пазней, разам з пашырэннем каталіцызму.

Крыху гісторыі

Лацінкай актыўна карысталіся пісьменнікі Ян Чачот, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч. На лацінцы выдавалася «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, часткова газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва».

Беларуская лацінка базуецца пераважна на польска-чэшскай пісьмовай традыцыі. За чатыры стагоддзі свайго існавання яна мела некалькі варыянтаў. Апошні з іх, афіцыйны, да 2023 года мы маглі бачыць на гарадскіх паказальніках ды схемах мінскага метро. Ён быў прыняты ў 2009 годзе беларускай Акадэміяй навук ды зацверджаны ААН. Гэты варыянт мае пэўныя адрозненні ад больш звыклага лацінічнага правапісу, што ўжываецца з першай паловы ХХ стагоддзя. У новым варыянце НАН, напрыклад, упершыню ўведзены апостраф, прычым літара j пасля яго нікуды не прыбралася, таму дарэчнасць апострафа выклікае пытанні. Літара Ll, што ў класічнай лацінцы апрыёры абазначае мяккі гук (цвёрды — Łł), і без таго адметная сваёй вышынёй у напісанні, у версіі НАН набывае яшчэ і крэску над сабой, для пазначэння мяккасці.

Многія лаяльныя да лацінічнага правапісу беларусы і беларускі лічаць нязручнымі падобныя новаўвядзенні ды карыстаюцца звыклым варыянтам, што рэфармаваўся цягам першай паловы ХХ стагоддзя. Дагэтуль той варыянт лацінкі застаецца найбольш папулярным як сярод пісьменнікаў (напрыклад, лацінкай выдае свае кнігі Уладзімір Арлоў), так і сярод звычайных карыстальнікаў сацыяльных сетак. Ніжэй прыведзеныя асноўныя правілы дадзенага варыянта беларускай лацінкі.

‍Табліца канвертацыі з лацінкі ў кірыліцу

Рысачкі над некаторымі літарамі па-разумнаму завуцца: ˇ — гачык; ´ — акут; ˘ — брэвэ.

Што варта памятаць:

1. Мяккасць перад галоснымі пазначаецца літарай і, якая не вымаўляецца:

Nia viečna ŭsio pad miesiaca siarpom (U. Karatkievič).

2. Мяккасць у іншых пазіцыях пазначаецца акутам над літарай:

Na ciabie, naša moładź, nadzieja (Janka Kupała).

3. L у разгляданым намі варыянце лацінкі абазначае мяккі гук. Цвёрды [л] перадаецца праз літару Ł(ł):

Kali łaska! — našaj rodnaj movy ščyryja j vietlivyja słovy (P. Broŭka).

4. Е, ё, ю, я ў пачатку слова, пасля галосных і раздзяляльнага мяккага знака ці апострафа перадаюцца спалучэннем літар з j:

Kasiŭ Jaś kaniušynu.

5. Там, дзе літара і абазначае два гукі, факультатыўна можа пісацца ji:

Čuŭ ja, ci mnie śnicca paroj, što isnuje kra(j)ina mroj (A. Skrypka)

6. Гук [ы] запісваецца лацінкай як y: .

Ty pomniš, biezumoŭna, i tuju noč, i toj nastroj (J. Taŭbin).

7. Шыпячыя гукі перадаюцца праз надрадковыя «гачыкі»: [ж] — ž, [ш]— š, [ч] — č:

Ščučynščyna dy Žłobinščyna.

8. [Х] перадаецца спалучэннем літар Ch:

A chto tam idzie? (Janka Kupała)

9. Літара h служыць для перадачы фрыкатыўнага [г]:

Hraj, hukaj...

10. Там, дзе літара г абазначае выбухны гук [г’], можа пісацца G:

I zastaŭsia ad ciabie tolki guzik (A. Kulinkovič).

11. Гукі [дз] і [дж] у лацінскім варыянце таксама ўяўляюць сабой дыграфы dz і dž, а [ддз] — спалучэнне трох літар ddz:

Dzie toj adkaz, siabra, nam adšukać? (B. Dylan, pierakład S. Bašłykieviča).

12. Гук [ў] перадаецца пры дапамозе лацінскай ŭ з брэвэ над ёй:

Ty skazaŭ mnie: «Daruj i byvaj», — i pajšoŭ baranić naš kraj (M. Aniempadystaŭ).

13. Беларуская лацінка кіруецца фанетычным прынцыпам (на пісьме перадаюцца асаблівасці маўлення: яканне, асіміляцыя):

Ja, na ščaście, nia cham (M. Aniempadystaŭ).

Патрэніруемся?

Пасля таго, як адкажаце, націсніце сінюю птушку справа.

Карысныя спасылкі:

Мабільная праграма з канвертарам і пазнавальным кантэнтам для iPhone і iPad.

‍Анлайн-лацінізатар (але варта пераправяраць дакладнасць перадачы асіміляцыі).

Інструкцыя па наладжванні раскладкі на Windows.

У вас ёсць асабісты запыт?

Наш AI-кансультант Боцік можа дапамагчы атрымаць адказ 
на асабістыя пытанні, якія датычацца выхавання і адукацыі дзяцей.