Разважаючы пра lifelong learning (бесперапыннае навучанне), найчасцей прадугледжваюць лад жыцця, пры якім асоба няспынна і добраахвотна развіваецца і навучаецца.
У залік ідуць любыя шляхі атрымання ведаў і развіцця навыкаў — часцей справа тычыцца нефармальнай адукацыі, чым стандартных універсітэтаў і школ.
Галоўны момант: асоба імкнецца да пастаяннага навучання і ператварае яго ў звычку і натуральную частку жыцця.
Большасць артыкулаў на тэму бесперапыннага навучання маюць пачатак накшталт: «У сучасным хутка зменлівым свеце жыццёва важна трымаць руку на пульсе і засвойваць актуальныя навыкі». У гэтым жа матэрыяле не будзем паглыбляцца ў аргументацыю згаданага факта, бо чытачы і чытачкі Tłumač звычайна самі валодаюць «базай».
Замест стандартных аргументаў за важнасць вучыцца новаму прапаноўваем падумаць пра тры невідавочныя бонусы бесперапыннага навучання.
1. Падмацаваная самаацэнка.
Чым больш мы ведаем, тым, як правіла, больш упэўнена сябе адчуваем. Бесперапыннае навучанне павышае самаацэнку і дае сілы для дасягнення мэт. А адчуванне дасягнутай мэты павышае самаацэнку яшчэ мацней!
2. Лягчэйшая эміграцыя.
Lifelong learning уключае і веданне замежных моў, і авалоданне самымі актуальнымі для сучаснасці навыкамі — усё гэта выдатна можа пракачаць вашу канкурэнтаздольнасць на прафесійных рынках іншых краін.
Акрамя таго, пастаяннае навучанне выдатна адлюструецца на вашым кругаглядзе і разуменні тонкасцяў камунікацыі з прадстаўнікамі разнастайных культур. І гэта таксама неслабы фактар поспеху як у кар’еры, так і ў побытавай адаптацыі да жыцця ў новай краіне.
3. Павага нашчадкаў.
Уявіце, што вашы дзеці, а калі-небудзь яшчэ і ўнукі, са шчырым інтарэсам слухаюць вас у размовах на самыя розныя тэмы ды звяртаюцца па параду, бо ведаюць: вы ў тэме і можаце падзяліцца каштоўнай ідэяй.
Калі вам прыемна ўяўляць падобны сцэнар, то ўзмацняйце ім вашу матывацыю ды інвестуйце час у бесперапыннае навучанне, якое мае ўсе шансы палепшыць ваша жыццё.