Звычайна дзецям хапае крэатыўнасці на тое, каб рабіць аўтарскія, непаўторныя памылкі ў тэкстах на любых мовах. Пры гэтым дасведчаныя настаўніцы і педагогі заўважаюць, што многія навучэнцы найчасцей блытаюцца ў аднолькавых момантах. Не ставячы памылкі ў цэнтр увагі, патлумачце дзецям наступныя пяць правіл граматыкі — і чакайце прагрэсу ў пісьменнасці.
1/5. «Ў» — не для любой незразумелай сітуацыі
.jpg)
У сучаснай літаратурнай мове сапраўды «ў» пішацца ў пераважнай большасці выпадкаў пасля галосных. Але выключэнні ўсё яшчэ застаюцца, нават пасля ўсіх апошніх рэформаў правапісу. Сярод іх наступныя пункты, якія варта запомніць.
«У» застаецца:
- у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ус або -ум: кансіліум, акварыум, радыус, страус, соус;
- на канцы нязменных запазычаных слоў: шоу, ноу-хау;
- на пачатку ўласных імён і назваў: ва Узбекістан да Уладзіміра;
- пад націскам: каля урны, Брэсцкая унія, баул, ух ты!
А што пра слова «філасофскі», дык там у прынцыпе няма адкуль брацца «ў».
2/5. «Якраз» — адно слова
.jpg)
Незалежна ад таго, з’яўляецца прыслоўем або часціцай — ці нават выступае ў ролі выказніка, як у апошнім сказе з прыкладу вышэй, — «якраз» пішацца адным словам.
3/5. «Лёгкія» і «мяккія» — усярэдзіне розныя
.jpg)
Часам навучэнцы блытаюцца ў гэтых двух словах, але зарыентавацца можна даволі лёгка: дапамогуць роднасныя лексемы лёгенкі і мякіш.
4/5. У слове «больш» літар больш, чым у «менш»
.jpg)
Няпрошаны мяккі знак пасярэдзіне слова «менш» нярэдка сустракаецца ў тэкстах беларусаў і беларусак розных узростаў. Аднак ён там не мусіць ні пісацца, ні вымаўляцца. Каб зафіксаваць гэта ў памяці, можна запомніць, што ў слове «менш» літар менш, чым у слове «больш». Тады матэматычныя падлікі падкажуць, што для лішняй літары няма месца.
5/5. Дзве і абедзве
.jpg)
У беларускай мове гукі часта змякчаюцца за кошт асіміляцыі (прыпадабнення) да суседніх мяккіх зычных. Гук [дз’] і так выдатна змякчаецца ад суседняга [в’], мяккі знак тут рабіў бы лішнюю працу.
Аднак не варта абагульняць правіла зверху на кожны выпадак: постфікс -сьці ўсё ж варта пісаць з мяккім знакам. Тлумачэнне гэтага, з першага погляду, парадоксу чытайце ў асобным артыкуле.